УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ДЫ,

водная частка тэр. дзяржавы, за выключэннем тэрытарыяльнага мора. Да У.в. адносяцца воды рэк, ручаёў, азёр і інш. вадаёмаў, у т. л. пагранічныя воды ў межах граніц тэрыторыі дзяржаўнай, а таксама воды, што размешчаны ў бок берага ад зыходных ліній тэр. мора. Пагранічнымі водамі лічацца водныя прасторы ў межах тых участкаў, па якіх праходзіць лінія граніцы, часта і падземныя воды ў створах, дзе праходзіць дзярж. граніца. Прававы рэжым У.в. вызначаецца ўнутр. заканадаўствам дзяржавы, а ў адносінах пагранічных вод — таксама і пагадненнямі з сумежнымі дзяржавамі.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)